З’ехаць у Рур і вярнуцца ў БДУ. Чаму насамрэч вучаць паўгады за мяжой?
- 11.12.2015
- Блог
- Здымкі: Любоў Каспяровіч
Жадаеце даведацца, што бывае, калі мары збываюцца? Тады вам давядзецца вытрымаць гэты тэкст на дванаццаць тысяч знакаў.
Даволі дзіўна распавядаць пра сваю вучобу за мяжой. Нічога асаблівага і мегазначнага я не здзейсніла. Усяго толькі выйграла паўгадавую стыпендыю і паехала вучыцца ў Нямеччыну. Падцягнула да прыстойнага ўзроўню нямецкую мову і капітальна занялася ангельскай. На паўгады пазбавілася фізічнай падтрымкі сяброў і любімых родных людзей, затое знайшла многа-многа знаёмых з Нямеччыны, Аўстрыі, Гішпаніі, Кітая, Македоніі, Сербіі, Балгарыі, Італіі, Калумбіі, Аўстраліі, Чылі, Велікабрытаніі, Бангладэш, Карэі. Наведала 27 гарадоў і наматала сотні кіламетраў. Убачыла свет такім стракатым, кантрасным, неабдымна-блізкім і незразумела… любімым. Навучылася варыць смачны (!) суп і смажыць бананавыя блінцы. Умацавала сваё ўменне знаходзіць выйсце з самых стрэсавых сітуацый. І ведаеце, усё гэта – бясконца крута!
***
Вучоба за мяжой ніколі не была маёй марай. Не. Я проста хацела гэтага. Навошта? Калі пачынала разважаць на гэтую тэму, адразу ж расплывалася ў абстрактных фармулёўках кшталту “пашырыць асобасныя межы”, “адчуць касмапалітызм і надыхацца светам”, “атрымаць досвед, які наблізіць мяне да журналіста кампетэнтнага” і г.д. Пафасная ерунда (хоць і праўда)! На самой справе, галоўнае – людзі, дзеля якіх твой свет парушае законы геаметрыі і судакранаецца з іх жыццямі.
З чаго ўсё пачалося? З правалу. Увосень 2012га мне патэлілі з дэканату і папрасілі напісаць тэст па нямецкай. Навошта? Была ўпэўнена: каб праверыць узровень замежнай на журфаку. Пайшла не думаючы, бо сваім жахлівым вынікам хацелася паказаць, што бывае, калі змяшаць уласнае лінгвістычнае раздалбайства і бессэнсоўнае выкладанне на факультэце. Памылілася ва ўсім. Тэст напісала прыстойна. Ён жа стаў пропускам у групу па паглыбленым вывучэнні нямецкай. Што ж, стала займацца. Хаця буду шчырай: цэлы год я рабіла выгляд, што вучуся. З велізарным задавальненнем хадзіла на заняткі, захаплялася нашай выкладчыцай, сябравала з аднагрупнікамі, якія мусілі б быць супернікамі. Мы ладзілі душэўныя вечары і кожны раз пасля заняткаў праводзілі адзін аднога да прыпынкаў. Год мінуў. Выніковы тэст я напісала жахліва, на сумоўі са мной не асабліва хацелі размаўляць. Без шанцаў жа. Менавіта тады, калі такі запаветны і амаль блізкі шанец – на адзін семестр стаць студэнткай Ляйпцыгскага ўніверсітэта – праляцеў міма мяне, я зразумела, што працавала недадастаткова шмат. Таму… Узгадаўшы свой любімы выраз Жванецкага “Хай будзе ўсё, але чагосьці не хапае”, вырашыла запоўніць гэты матывуючы зазор.
Сказана – зроблена. На наступны год я зноў трапіла ў групу. Цэлы год гвалтавала сябе курсамі нямецкай. Чатыры разы на тыдзень. Часам было так цяжка, што хацелася знайсці любое апраўданне і збегчы. Бо апроч заняткаў па нямецкай мой тыдзень запаўнялі ангельская, вучоба ва ўніверы, праца, валанцёрства ў міжнарожным цэнтры, Гётэ-інстытут, піяніна, журналісцкія трэнінгі, etc. Калі мяне пыталі, ці не еду я з глузду, я фірмова зморшчвала лоб і падымала бровы. Як можна ехаць з глузду ад таго, што ты любіш і што табе бясконца падабаецца?! Хаця часам было сапраўды цяжка. Затое вынік апраўдаў усе-усе намаганні.
3 чэрвеня, каля 16.00. Запаветны званок “Вы паспяхова прайшлі сумоўе, таму на зімні семестр едзеце ў Бохум” і мая тармазнутая рэакцыя. Толькі праз дзве гадзіны мяне пачало штарміць ад радасці.
14 жніўня, амбасада Нямеччыны, дзе трэба аформіць нацыянальную візу. Не самая прыемная справа. І вельмі турботная. Адкрыць рахунак у нямецкім банку, аформіць нямецкае страхаванне, прайсці сумоўе з нямецкім дыпламатам. Напрыканцы мяне ледзь не выгнала супрацоўніца амбасады за тое, што я спрачалася з ёю наконт медыцынскага страхавання. Каму патрэбна твая праўда, калі за шляным акенцам сядзіць чалавек з хваткай бульдога?
26 верасня. За спінай – тыдзень бессэнсоўнай бюракратыі і паходаў на паклон за подпісамі, якія дазваляюць (!) паехаць за мяжу. Наперадзе – доўгі шлях ва ўнівер, дзе ўсё новае і незнаёмае. Якраз тое, што трэба.
Прыемнае здзіўленне №1. Дзяўчаты са студэнцкага сервісу, які сустракае замежных студэнтаў і суправаджае іх у інтэрнат, у дамоўлены час паабяцалі забраць і мяне. Але аўтобус з Мінска спазніўся на шэсць гадзін, прыехаў толькі а трэцяй ночы. Я стаю ля вакзала, дзе бяздомныя збіраюць бутэлькі ад піва. Дзяўчаты ў масках ананімуса вяртаюцца з дзявочніка. У маіх руках – цяжкі куфар. Сумкі ад ноўта і фотатэхнікі звісаюць праз плячо, метадычна скрыўляючы пазваночнік. Сувязь у роўмінгу адмаўляецца слаць паведамленні. Дацягнуцца б да тэлефона-аўтамата і патэлефанаць. Хаця надзеі, што цябе чакаюць да раніцы, засталося на некалькі міліграм. І як жа я ўзрадавалася, калі ў нязвыклай трубцы “аўтамата” пачула бадзёры голас. Праз 40 хвілін я ўжо ўкладвалася спаць на сваіх 12 квадратных метрах, якія сталі “мілым домікам” на гэтыя пяць месяцаў.
Але хопіць зацягнутых прадмоў. Ітак, геалакацыя – Нямеччына, Паўночная Рэйн-Вестфалія, горад Бохум. Універсітэт – Рурскі (RUB).
- Лепшая якасць Бохума – блізка да Амстэрдаму
- Так блізка, што можна з’ездзіць нават двойчы 🙂
RUB – першая ВНУ, якая адчынілася ў Нямеччыне пасля другой сусветнай вайны. Пабудаваная ў сярэдзіне 60-х, яна цалкам прапіталася архітэктурнай атмасферай таго часу: максімум зручнасці для дзяцей рабочых і нуль эстэтыкі. Сёння тут вучыцца 42 тысячы студэнтаў. З іх восем соцень – exchange students.
Такім чынам, я адна з васьмісот RUBаўскіх замежнікаў. З чаго пачынаць? З людзей, якія дапамагаюць ужыцца ў новае асяроддзе. Адмыслова для такіх, як я, універсітэт прызначыў тры арыентацыйныя дні, падчас якіх паказваў, тлумачыў, прэзентаваў, знаёміў са сваёй сістэмай і ледзь не вадзіў за руку па ўсіх вучэбных шляхах. Атрымаць студэнцкі, зарэгістравацца ў гарадскім бюро, аформіць медыцынскае страхаванне, адкрыць рахунак у мясцовым банку, падпісаць дамовы на інтэрнат і стыпендыю, атрымаць сім-карту, разабрацца з выбарам лекцый і семінараў – на кожным кроку мяне суправаджаў чалавек, гатовы растлумачыць, як не нарабіць памылак.
У RUBe я вучылася на дзвюх спецыяльнасцях. Першая – Medienwissenschaft, другая – Politik, Wirtschaft und Gesellschaft. Выдатнае спалучэнне, мушу прызнацца: ты не проста журналюеш, але і занырваеш (вельмі глыбока, тэарытычна і дэталёва) ў палітычныя, эканамічныя, грамадскія працэсы, у якіх давядзецца быць (мінімум) шурупам усё жыццё.
Еўрапейская сістэма адукацыі капітальна разбурае шаблон аб дэканатна-прыгонным праве, з якім беларускія ВНУ жывуць як з дадзенасцю. Тут і-сну-юць твае асабістыя інтарэсы і перавагі. Я магу выбіраць любыя лекцыі і семінары, неабходныя мне ў гэтым семестры. Вырашаю, колькі курсаў мне трэба – два ці дзесяць? Сама складаю расклад. Спачатку я нават разгубілася: такія сакавітыя апісанні курсаў і столькі патэнцыйных ведаў, якімі хочацца авалодаць. Помню, як я прагна запіхвала ў план тры семінары на адзін час і доўга не магла рашыцца пакінуць штосьці адно. У выніку спынілася на шасці: “Ва ўладзе мабільных медыяў”, “Філасофія лічбавых медыяў”, “Тэорыі парушэнняў”, “Культурна-псіхалагічнае і сацыяльнае даследванне забабонаў/стэрэатыпаў”, “Гендар і медыя”, “Сеткавая палітыка. Палітыка сетак” плюс ўзяла два курсы па нямецкай, адзін па ангельскай і пачала вучыць гішпанскую. ¡Bienvenido en mi mundo!
У трох словах пра вучобу. Грунтоўна, навукова, глыбока. Студэнты самі мадэруюць дыскусію, а дацэнт падымае руку, каб выказаць сваю думку. Дарэчы, па законе выкладчыкам забараняецца адзначаць тых, хто прысутнічае альбо адсутнічае на занятках. Ля бібліятэкі можна сустрэць рэктара, які варыць глінтвейн і заклікае прайсці на выбары ў студэнцкае самакіраванне. Дацэнты просяць ацаніць узровень іх семінару і пасля паўгадзіны рэфлексуюць, як зрабіць свой курс яшчэ лепш.
Мой Дойч быў далёкім ад дасканаласці, таму я была не самай актыўнай удзельніцай абмеркаванняў. Як двоечніца, сядзела ў дальнім куце і… працавала. Пасля заняткаў мой мозг сыходзіў знясіленым, але задаволеным. Пачуць, перакласці, абдумаць, усвядоміць, унутрана залікаваць ад уласных думак – быць актыўным не азначае быць шумным. Па кожным семінары я рыхтавала эсэ, прэзентацыю альбо рэферат. Менавіта дзякуючы гэтаму я занялася знішчэннем свайго жахлівага акцэнту (хоць з гартанным “р” да гэтай пары не клеіцца). Калі раней публічны выступ выклікаў хваляванне, а часам і стрэс, то зараз я навучылася выходзіць да публікі і проста атрымоўваць задавальненне ад таго, што распавядаю і раблю. Зразумела адно простае правіла: ад цябе чакаюць не перажыванняў. Публіка чакае цікавага расповеду.
Але ведаеце, вучоба – такія дробязі ў параўнанні з тымі жыццёвымі лекцыямі, якія я сама сабе прачытала. Яны прыходзілі ў жыццё без стуку, хаваліся ў розных момантах і дэталях, якія зрабілі гэтыя паўгады незабыўнымі. Абсалютна ўсе падарожжы, сустрэчы, дарогі і думкі зрабілі шмат засечак у маёй памяці. Трэба прыклады? Ein Monemt.
Вы калі-небудзь сустракаліся з транссэксуалам? Да кастрычніка 2014га я – не. Толькі аднойчы бачыла яе/яго – у ружовых штанах, з брутальна-пяшчотным манікюрам – у тралейбусе. Хаця дагэтуль думала, што ў Беларусі такіх людзей няма.
З Паўлінай мы наведвалі семінар “Гендар і медыі”. Але кантачыць пачалі пазней, калі разам чакалі выкладчыка танцавальнага курсу. Уявіце сабе хлапца, які кожным жэстам, вывераным нахілам галавы і грацыёзна распраўленымі плячыма хоча паказаць, што ён – дзяўчына. Прызнаюся шчыра: напачатку было весела назіраць за ёй/ім. Аднак чым глыбей я даведвалася гэтага чалавека, тым больш сумна мне станавілася. І вельмі сорамна. Не ведаю, ці бываюць у вашым жыцці моманты, калі сам сябе вееельмі раздражняеш. Робіш няправільна, паводзіш сябе памылкова. Абставіны паварочваюцца да цябе не самай жывапіснай часткай цела і кажуць “адзьёс да вясны!” І вось перада мной Паўліна. Ёй не падабаецца быць хлопцам. Яе раздражняе уласная прыроджаная сутнасць. І выйсця толькі два: перайначваць сябе фізічна альбо псіхалагічна…
Прыклад нумар два. Кампашкай вярталіся з паездкі ў Гамбург. Пасля трэшовай ночы, якую бавілі ў гэтым горадзе, сонца за акном здавалася ілюзіяй. Стомленыя, але задаволеныя, сядаем ў цягнік. Узгадваем ноч на вакзале, точым лясы пра далейшую вучобу. “Прабачце, можна с вамі паразмаўляць на рускай мове?” – пытаецца наш выпадковы сусед. Падарожнік апынуўся бежанцам з Сірыі. Пяць мінулых гадоў ён вучыўся ў Казахстане, дзе дасканала засвоіў рускую. Пасля ўніверсітэта планаваў вярнуцца дадому і працаваць стаматолагам, аздараўліваць усмешкі сірыйскай нацыі. Але… на радзіме пачалася вайна, і ён проста не можа туды вярнуцца: няма куды. Дом разбураны, бацькоў забілі. Цяпер ён шукае сябе тут, у Нямеччыне. Вучыць нямецкую мову, імкнецца стаць добрым спецыялістам. Вельмі непакоіцца, што на яго глядзяць “не так”.
– Я не магу жыць на чыесьці дапамогі. Хачу працаваць і зарабляць. Я нармальны чалавек. Так сталася, што ў мяне забралі радзіму. Але няўжо гэта азначае, што ў чужой краіне я хачу жыць за кошт іншых? – менавіта такія выпадковыя сустрэчы і трапныя словы разбураюць каменныя сцены стэрэатыпаў, якімі чалавек абрастае ўсё жыццё.
Вядома, свет занадта агромністы, каб вывучыць кожны яго бок дасканала. Таму так зручна карыстацца стэрэатыпамі, якія спрашчаюць спазнанне. Але гэта так сумна – бачыць свет праз прымітыўнае шкло забабонаў.
***
На шчасце, я не належу да сямідзесяці адсоткаў тых маладых людзей, якія б “з радасцю пераехалі працаваць за мяжу”. Ведаю дакладна: я хачу жыць і працаваць дома. Гэта такое шчасце – адкрываць свет, здзіўляць і здзіўляцца, перажываць радасна-незабыўныя моманты, шукаць сябе і знаходзіць іншых.
Р Э К А М Е Н Д У Ю !